Аб самай бязлітаснай, страшнай вайне – Вялікай Айчыннай – успамінаюць і зараз. В.Быкаў – адзін з найцікавейшых айчынных пісьменнікаў, які на працягу доўгіх гадоў творчасці застаўся верным тэме вайны. Дзякуючы яго творам, чытачам становяцца зразумелымі ўся горач і страты таго часу.
19 чэрвеня ў сядзібе-музеі В.Быкава было мнагалюдна. У дзень нараджэння беларускага пісьменніка сабраліся аднавяскоўцы, госці – настаўнікі беларускай мовы і літаратуры з розных раёнаў Віцебшчыны. Вучні Ушацкай, Плінскай і Кубліцкай школ таксама акунуліся ў атмасферу літаратурна-мастацкага свята “Народжаны сумленнем”. Супрацоўнік музея народнай славы імя У.Е.Лабанка Васіль Валер’евіч Навумаў правёў для вучняў змястоўную экскурсію, у ходзе якой пазнаёміў з жыццёвым і творчым шляхам знакамітага земляка. Вучні таксама наведалі бібліятэчную выставу, прысвечаную жыццю і творчасці В.Быкава, выставу сувенірнай прадукцыі. З вялікай цікавасцю праглядзелі міні-спектакль “Знак бяды”.
На працягу ўсяго мерапрыемства за ўсімі сачыў з партрэта Васіль Уладзіміравіч Быкаў. Чалавек, які прайшоў, перажыў і нават падмануў вайну, паколькі значыцца ў спісе загінуўшых ва ўкраінскай зямлі з 1944 года.






