На старт выйшлі хлопцы з усіх школ раёна, а таксама былыя вучні, якія зараз атрымліваюць адукацыю ў ліцэях і каледжах. Спачатку будучыя абаронцы Айчыны паказалі сваё майстэрства ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. У малодшай групе самым трапным аказаўся Вадзім Спірыдовіч з Арэхаўскай школы, які выбіў 24 ачкі, другое і трэцяе месцы ў Аляксандра Мажугі з Ільюшынскай і Юрыя Качко з Ушацкай. У старэйшай Даніла Праннік з Арэхаўна і Яўген Маркевіч з Ільюшына з 27 ачкамі падзялілі “золата”, трэцім стаў глыбачанец Вадзім Фісенка.
Упартай была барацьба ў падцягванні. У прызавой тройцы сярод юных удзельнікаў кампанію Ю.Качко і В.Спірыдовічу склаў Кірыл Праннік з Арэхаўна. У старэйшай групе першынстваваў Ігар Лабецкі з Вялікіх Долец, які падцягнуўся 16 разоў, прызавыя месцы занялі ўшачанін Максім Малак і В.Фісенка.
Завяршаў праграму самы відовішчны від – лыжныя гонкі на 5 км, і тут прадказальна лідарства захапілі вялікадальчане. Лепшым у малодшай групе стаў Ілья Падворны, у прызёрах таксама А.Мажуга і К.Праннік. У старэйшай са значным адрывам першынстваваў І.Лабецкі, астатнія месцы на п’едэстале дасталіся Я.Маркевічу і Д.Пранніку.
У выніку каманднае "золата" спаборніцтваў выйграла Вялікадолецкая школа, крыху саступілі ім вучні Арэхаўскай, “бронза” на рахунку Ільюшынскай СШ. Права адстойваць гонар раёна на абласным этапе заваявалі І.Лабецкі, В.Спірыдовіч і А.Мажуга.