Чалавек не заўсёды ахвотна робіць тое, што карысна, і наадварот, ахвотна тое, што не зусім. Але гэта не пра вучняў Кубліцкай школы. У мінулыя выхадныя вандроўнікі-заўзятары ажыццявілі чарговую краязнаўчую экспедыцыю ў рамках Вахты Памяці, прысвечанай сёлета 75-годдзю заснавання Беларускага штаба партызанскага руху. Два дні на свежым паветры – гэта карысць і для здароўя, і даніна памяці гераізму партызан нашай роднай ушацкай зямлі.
Маршрут велапаходу праходзіў па населеных пунктах і мясцінах, непасрэдна звязаных з падзеямі тых напружаных, апаленых вогнішчам бязлітаснай вайны дзён. Вучні і настаўнікі наведалі помнікі, устаноўленыя на месцы дыслакацыі партызанскіх брыгад і брацкіх магіл у вёсках Селішча, Пліна, Старынка, партызанскіх аэрадромаў на возеры Вечалле і паміж вёскамі Старынка і Сержаны, захаваўшайся да нашых дзён зямлянкі, адкуль вялася радыёсувязь з “Вялікай зямлёй”, помнік на месцы растрэлу ушацкіх і кубліцкіх яўрэяў ва Ушачах. Сумна і трывожна было каля помніка на месцы спаленай і неадноўленай вёскі Гвазды. Наведалі краязнаўцы і мясціны, звязаныя з волатамі беларускага слова – дом-сядзібу Васіля Быкава і магілу з каменем-крыжам Рыгору Барадуліну. Інфармацыйную падтрымку экспедыцыі ўзяў на сябе дуэт ў складзе апантанага турыста Кораня Валерыя Уладзіміравіча і таленавітага гісторыка-краяведа Уладзіміра Ільіча Барысёнка. Тую падрабязную інфармацыю пра родныя мясціны і гістарычныя падзеі, якую атрымалі ў той дзень нашы вучні, не дасць ні адзін даведнік ці энцыклапедыя. Нават надвор’е спрыяла падарожнікам: першыя за два дні кроплі дажджу ўпалі на плечы вандроўнікаў дзесьці ўжо ў ваколіцах Кубліч на адваротным шляху.
Усе ўдзельнікі паходу адчулі на сабе тую моц душы, тыя бясконцыя фізічныя сілы, якія прыкладалі нашы бабулі і дзядулі дзеля Вялікай Перамогі, дзеля нашай Радзімы, яе свабоды і мірнага неба, якое пяшчотна і з любоўю абдымае кожнага жыхара нашай Беларусі! Вечная памяць паўшым партызанам і салдатам! Нішто не забыта, ніхто не забыты!